аддзел водарасцей. Налічваюць каля 300 родаў, больш за 19 тыс. сучасных і выкапнёвых відаў. Пашыраны ва ўсіх тыпах вадаёмаў і ў глебе па ўсім зямным шары. Вядомыя з юрскага перыяду. Па форме панцыра (асн.сістэм. прыкмета) падзяляюцца на 2 класы: цэнтрычныя (Centricae) і пенатныя (Pennatae). На Беларусі адзначана каля 930 відаў, разнавіднасцей і форм з 47 родаў; актынела, анамеонеіс, атэя, ахнантэс, бацылярыя, гамфанема, дыятома, калонеіс, таласіязіра, мелазіра, навікула, ніцшыя, пінулярыя, фрагілярыя, цымбела і інш. Д.в. — найважнейшыя прадуцэнты арган. рэчыва (каля 25% сусветнай першаснай прадукцыі, што ствараюць расліны), актыўныя ўдзельнікі самаачышчэння вод, індыкатары забруджвання вадаёмаў. Вялікая колькасць створак Д.в. складае горную пароду дыятаміт.
Аднаклетачныя, мікраскапічныя (ад 4 да 2000 мкм) адзіночныя або каланіяльныя рухомыя арганізмы. У іх характэрная асаблівасць — цвёрдая з 2 палавінак (створак) крэменязёмная абалонка. Хларапласты маюць хларафілы a і c і фукаксанцін, які надае Д.в. буры колер. Назапашваюць алей, валюцін і хрызаламінарын. Размнажаюцца дзяленнем і палавым шляхам (ізагамія бязжгуцікавых гамет, кан’югацыя, аўтагамія або аагамія). У палеанталогіі выкарыстоўваюць дыятомавы аналіз, заснаваны на вызначэнні таксанамічнай прыналежнасці выкапнёвых Д.в.